У жонкі Алеся Пушкіна знікла сувязь з мужам-палітвязнем



Жонка мастака Алеся Пушкіна распавяла «Народнай Волі», што муж па-ранейшаму знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.

Алесь Пушкін

Нагадаем, 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Мастак — фігурант крымінальнай справы, якую распачала пракуратура паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці»): «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў напісаны ім партрэт антысавецкага падпольшчыка, які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гародні.

Пазней прэтэнзіі ў следчых узніклі і да цыкла твораў мастака, якія ён стварыў больш за 20 гадоў таму.

А ў мінулым месяцы з’явілася інфармацыя, што Алеся Пушкіна з СІЗА накіравалі ў псіхіятрычную лякарню ў Навінках — быццам бы для правядзення экспертызы.

«Калі нічога не змянілася, то, значыцца, муж ужо каля месяца знаходзіцца ў Навінках, — кажа Яніна Пушкіна. — На жаль, інфармацыі ніякай не маю, бо, як вядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Знікла з Алесем і сувязь праз ліставанне. Калі з ізалятара больш-менш нармальна прыходзілі лісты, то апошні атрымала больш за месяц таму. Хаця ў ім муж ніякім чынам не згадваў, што яго могуць змясціць у псіхіятрычную лякарню. З таго часу — поўная цішыня…»