У Жыровічах развіталіся з мітрапалітам Філарэтам
У пятніцу, 15 студзеня, у Жыровічы Слонімскага раёна прыехалі сотні людзей, каб назаўсёды развітацца з ганаровым Патрыяршым экзархам Беларусі Філарэтам (Кірылам Вахрамеевым), які памёр 12 студзеня ад каронавіруса на 86 годзе жыцця ў Менску.
Развітацца з нябожчыкам прыехалі сваякі памерлага, былыя сябры і знаёмыя, супрацоўнікі пасольстваў у Беларусі, епіскапы, святары, чыноўнікі і проста вернікі з усёй Беларусі.
У 10 гадзін ва Ўспенскім Жыровіцкім манастыры прайшла саборная архіерэйская Боская літургія. Пасля яе заканчэння, адбылася паніхіда. Потым цела мітрапаліта Філарэта вынеслі з Успенскага сабора і пахавалі за Крыжаўзвіжанскай царквой Успенскага Жыровіцкага манастыра, побач з магілай старца Мітрафана. На магілу памерлага былі ўскладзены дзясяткі вянкоў і букеты кветак.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота Уладзіміра Кавальчука, Жыровічы