У Жыровічах заўважылі былога міністра Шуневіча
На пахаванні мітрапаліта Філарэта ў пятніцу, 15 студзеня, прысутнічала шмат чыноўнікаў.
Сярод якіх былі вядомы ўсім Юрый Караеў, старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, упаўнаважаны па справах рэлігіі Аляксандр Румак, старшыня Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснікі старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк і Уладзімір Дзешка, дэпутат Віктар Лісковіч, кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама. Пра гэта згадвалі розныя дзяржаўныя СМІ. Але ніхто не згадаў, што на пахаванні прысутнічаў і былы міністр МУС РБ Юрый Шуневіч.
Разам з ім у Жыровічы прыехалі і чалавек пятнаццаць юнакоў з бэйджыкамі на грудзях, на якіх было напісана: ”Служба бяспекі”. Фатаграфаваць іх хлопцы са “службы бяспекі” забаранілі. А вось генерала-лейтэнанта міліцыі, які штогод апранаў форму НКУС, Шуневіча зафіксаваць на фота ўдалося. Відаць, Юрый Шуневіч сёння ўзначальвае гэту “службу бяспекі”.
Беларускае Радыё Рацыя
