У Жытоміры адкрылі мемарыяльную дошку Леху Качыньскаму



У Жытоміры 20 траўня адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар загінуўшага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. Яна ўсталявана на аднайменнай вуліцы Качыньскага, што з’явілася ў рамках дэкамунізацыі, паведамляе прэс-служба Жытомірскага гарадскога савету.

Мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін адзначыў, што ў горадзе пражывае адна з найбольшых польскіх абшчынаў ва Ўкраіне.

„У нас шчыльныя стасункі з польскімі гарадамі-пабрацімамі – Плоцкам і Бытамам. Лех Качыньскі – гэта імя сусветнага роўня. Ён быў сябрам Украіны, і такім жэстам мы дзякуем Польшчы за падтрымку Ўкраіны”, – патлумачыў ён.

У адкрыцці мемарыяльнай шыльды прысутнічалі віцэ-прэм’ер Генадзь Зубко і міністр канцылярыі польскага прэзідэнта Адам Квяткоўскі. Паводле слоў Зубко, Жытомір стаў другім, пасля Адэсы, горадам, дзе так ушанавалі загінуўшага прэзідэнта Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя