Удаву Андрэя Зельцэра і яшчэ 4 чалавек прызналі палітвязнямі
Марыю Успенскую затрымалі 28 верасня пасля перастрэлкі ў кватэры, падчас якой загінулі ейны муж і адзін супрацоўнік КДБ. Цяпер яе трымаюць за кратамі. У мінулым месяцы стала вядома, што яе перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Марыю Успенскую падазраюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Ёй пагражае да 25 гадоў. Яна была ў сваёй кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску разам з мужам 28 верасня, у той час, калі туды спрабавалі ўламіцца супрацоўнікі КДБ. Андрэй Зельцэр застрэліў аднаго з сілавікоў, жонка здымала ўсё на відэа.
Разам з Марыяй Успенскай 29 лістапада яшчэ чатыры чалавекі атрымалі статус палітвязняў – гэта Сяргей Іваноў, Яўген Коржаль, Цімафей Мажанкоў і Аляксей Ігнаценка, паведамляе «Вясна».
Цяпер у Беларусі агулам 891 палітзняволены.
