Удзельнічаць ці няўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах?
Парламенцкая кампанія – 2016. Прадстаўнікі часткі палітычных арганізацый і кампаній дагэтуль лічаць няўдзел у выбарах, у звязку з максімальным ігнараваннем існуючай сістэмы ў Беларусі, слушнай стратэгіяй. Нягледзячы на вонкавыя змены, напрыклад, у сітуацыі з палітвязнямі і зняццё заходніх санкцый, гэта не значыць, што адбудзецца паляпшэнне ўнутранай сітуацыі, у прыватнасці, у выбарчым заканадаўстве, – лічыць грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда з “Еўрапейскай Беларусі”.
– Зараз хтосьці кажа, што ўдзельнічае ў выбарах. Яўна заўчасна прымаць такія рашэнні, бо ў нас насамрэч выбарчае заканадаўства не змянілася. Магчыма будуць зроблены нейкія крокі рэжымам Лукашэнкі ў бок змякчэння заканадаўства, хаця б у справе фарміравання выбарчых камісій. Але калі зноў выбарчыя камісіі будуць назначацца, і там будуць сядзець настаўнікі, якія 20 гадоў фальсіфікуюць гэтыя выбары, то сэнсу ўдзелу ў іх амаль няма.
Беларуская апазіцыя мела досвед байкоту выбарчых кампаній ў Беларусі. Пазіцыі розных арганізацый залежылі ад канкрэтнай палітычнай сітуацыі. Цягам астатніх некалькі год стратэгію няўдзелу, альбо байкоту, нязменна падтрымлівалі: КХП-БНФ, “Еўрапейская Беларусь”, “Малады Фронт”.
Беларускае Радыё Рацыя
