Удзельніцы “пікета са скандынаўскімі палкамі” падалі ў суд на міліцыю



У судзе Першамайскага раёну Віцебска адбыўся працэс, ініцыяваны шасцю жанчынамі, якіх затрымалі ў лесе пад Віцебскам 13 студзеня. Жанчыны выйшлі папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе,  але міліцыянты іх затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі – нягледзячы на тое, што чацвёра затрыманых жанчын ужо ў сталым веку. А пасля накіравалі на ноч да суду ў ізалятар часовага ўтрымання.

Суд не знайшоў доказаў правапарушэння,  і жанчыны падалі ў суд заявы на незаконныя дзеянні міліцыянтаў, распавяла  Таццяна Севярынец, адна з удзельніц пікету са скандынаўскімі палкамі:

– За наша затрыманне, умовы ўтрымання, накіраванне ў ІЧУ. Мы патрабавалі прызнаць гэта незаконным. Толькі прызнаць! Мы не патрабавалі ніякіх маральных ці матэрыяльных кампенсацый. Хаця  Тамара Ільіна, прыкладам, на 10 дзён трапіла ў лякарню.

За дзеянні сваіх падначаленых у судзе адказваў намеснік начальніка аддзела міліцыі Першамайскага раёну падпалкоўнік Іван Доўгі.

Ён моўчкі выслухаў прэтэнзіі жанчын, не задаўшы ніводнага пытання. І вельмі каротка патлумачыў уласную пазіцыю: маўляў, міліцыянты ўсё рабілі слушна. Бо заканадаўства дазваляе ўтрымліваць  людзей за кратамі да суду на працягу 72-х гадзінаў, калі гэтых людзей падазраюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Пра ўмовы ўтрымання сталых жанчын падпалкоўнік не сказаў ні слова. Суддзя Жанна Васільева падтрымала яго пазіцыю: адхіліла ўсе 6 скаргаў і ўсклала на заяўніц абавязак  заплаціць судовыя выдаткі – па 4 рублі 85 капеек з кожнай.

На думку Раісы Кухто, якая беспадстаўна правяла пад вартай больш за суткі,  такі вынік суду быў прадказальны, але падпалкоўніку міліцыі ўсё адно было сорамна:

– Я думаю, што ўсё было вырашана загадзя. Бо я назіраю за іншымі судамі, і там усё тое самае. Але я думаю, што яму было няёмка. Бо ў кожнага ёсць такі крытэр – сумленне. Я думаю, што яму было дрэнна.

Жанчыны не выйгралі суд, але гэта бы ў першы ў  Віцебску выпадак, калі  затрыманыя людзі  вырашылі адстойваць свае правы на цывілізаванае стаўленне да сябе з боку міліцыянтаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск