Украінка, што па-беларуску гаворыць часцей, чым па-руску



Калега Даша Ліс дала заданне: перадаць сяброўцы ў Львоў пару беларускіх кніжак. Мяне, канешне, заінтрыгавала, хто ва Украіне іх будзе чытаць. У велічны Львоў магла пераехаць беларуска, якая цяпер сумуе па радзіме і хоча нешта пачытаць па-беларуску. Але не. Беларускія кніжкі будзе чытаць украінка Ірына Навіцкая.

Яна ніколі не была ў Беларусі, а ўлічваючы яе інвалідны вазок, невядома, калі будзе. І разам з тым яна бліжэй да нашай краіны, чым многія з тых, хто тут жыве. Размаўляе па-беларуску з беларускімі фрэндамі, чытае нашу літаратуру, слухае нашу музыку. Музыка, дарэчы, і падштурхнула яе пачаць вучыць мову суседзяў:

— У канцы мінулага года я пабачыла ў адной з суполак – тады яшчэ “Укантакце”, што выйшаў новы альбом гурта Akute “Пластыка”. Я паслухала некалькі песень, яны мне спадабаліся. Якія спадабаліся болей, якія меней, але з гэтага і пачалося маё вывучэнне беларускай мовы. Таму што за Akute пайшлі іншыя гурты – спачатку музыка, пасля аўдыёкніжкі, а тады ўжо і падручнікі. Я хацела больш накіравацца на жывую мову, а не на нейкія моўныя правілы. Правілы прыйшлі потым. Зрэшты, для ўкраінца не так ужо і цяжка гэтыя правілы вывесці з самаго ўжытку, бо мовы падобныя, — кажа Ірына Навіцкая.

Але прычыны цікавасці да беларускай варта шукаць глыбей. Сучасная беларуская музыка проста канчаткова прарасціла тое, што даўно ляжала на ўзаранай раллі. Першыя беларускія кніжкі Іра прачытала яшчэ ў раннім савецкім дзяцінстве.

— Няшмат гэтых кніжак было – можа, дзве ці тры, але чытала я іх увогуле без праблем.

Ірына лічыць, што яе ўкраінска-польская кроў крыху разбаўлена беларускай. У такім разе, ці не гены запатрабавалі звярнуць увагу на мову паўночных суседзяў? Праўда, доказаў беларускага паходжання ў яе няма – толькі ўскосныя звесткі, сярод якіх пражыванне адной галінкі роду ў вёсцы з загадкавай назвай Літоўка. Калісьці шляхціцы з гістарычнай Літвы маглі заснаваць засценак ля багатага Львова. Сама Ірына смяецца, што ўсё гэта больш нагадвае сямейнае паданне, але версія, пагадзіцеся, прыгожая.

Фенечка, сплеценая Ірынай у дзень салідарнасці з грамадскай супольнасцю Беларусі. “Яна не здымаецца”

Хтосьці можа сказаць: а што непрацоўнаму чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі яшчэ рабіць, як не чытаць, вучыць мовы ды займацца рознымі іншымі хобі? Але ні разу вы не адгадалі. Ірына, канешне, мае групу па інваліднасці і афіцыйна не ўладкаваная, аднак працы ўсё ж у яе нямала. Адразу па ўніверсітэце, яшчэ на здаровых нагах, яна ўладкавалася ў адно львоўскае выдавецтва на пасаду рэдактара. Так дагэтуль і рэдагуе, атрымліваючы пры гэтым двайное задавальненне. Па-першае, ёй важна “дарма хлеб не есці”, жывучы з сям’ёй сястры, па-другое, кнігі складаюць адно з яе галоўных зацікаўленняў жыцця. Магчыма, некалі яна выдасць і сваю. Пытанне толькі, што гэта будзе – ці то зборнік уласных вершаў, ці то кніга перакладаў з беларускай і ўкраінскай.

— Пакуль мае пераклады можна палічыць на пальцах. Але гэта толькі пачатак. Цяпер я ўзялася за прозу, Кабылянскую пачала. Не ведаю, калі скончу, бо набліжаецца форум выдаўцоў, шмат працы, — кажа дзяўчына.

Ірына спрабуе перакладаць як з беларускай на ўкраінскую, так і наадварот. Праўда, пакуль не адважваецца перакладаць на беларускую рыфмаваную паэзію – сумняецца ў багацці свайго лексічнага запасу новавывучанай мовы.

Старажытная царква — тэрыторыя міру ўсіх хрысціянскіх канфесій Камарна. Ірына з пляменніцай

Пасля невялікай прагулкі па мястэчку Камарна мы накіраваліся да аўтобуснага прыпынку. На развітанне я спытала ўкраінку, як яна сабе ўяўляе Беларусь. Адказ быў такі:

— Напэўна, лепш, чым мае аднавяскоўцы. Нават мая сястра, калі я толькі пачала цікавіцца Беларуссю, не раз пытала: “А яны што, ужо акупаваныя? Частка Расеі ці не?”. Цяжка вызначыць, на жаль. Я яе пераканала, што не частка. Нават тым, што я жыву далёка ад Беларусі, але па-беларуску размаўляю часцей, чым па-расейску.

Для руху па грунтовых дарогах патрэбны моцныя рукі

Пра Ірыну Навіцкую можна было б расказаць як пра цікавага, эрудаванага чалавека з нязломнай воляй і прагай да жыцця, які можа дазволіць сабе сказаць: “Дзякуючы інваліднаму вазку я стала больш актыўная. Стала займацца спортам”. А можна было б зрабіць спецыяльны рэпартаж, як майстарскі яна бярэ львоўскія бардзюры, як хутка ездзіць па бруку і як можа сама парамантаваць свой вазок.

Ужо сеўшы пісаць артыкул, я сама здзівілася, чаму ў аповедзе пра неверагодна сімпатычнага чалавека Ірыну я зрабіла акцэнт на яе ангажаванасці намі, беларусамі. Было б дзіўна, каб у французскай, нямецкай ці тым больш англійскай прэсе з’явіўся артыкул пра кагосьці, хто цікавіцца аднайменнымі культурамі за мяжой.

Можа, прычына ў тым, што мы яшчэ і самі толькі вучымся цікавіцца сабой, а ўжо пагатоў здзіўляемся, калі да нас выказвае ўвагу нехта звонку.

Слухайце таксама радыёрэпартаж пра Ірыну Навіцкую „Родавая легенда„.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі аўтаркі