Украінскія памежнікі затрымалі беларуса з патронамі



Як паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны, 17 чэрвеня ў пункце пропуску „Новыя Ярылавічы” на беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі грамадзяніна Беларусі, у машыне якога было выяўлена 60 патронаў калібра 7,62 мм.

На злачынны след паказаў службовы сабака.

Вядома, што мужчына прыехаў на аўтамабілі Land Rover. Патроны ён хаваў у багажніку.

Па дадзеным факце кантрабанды пачата крымінальная справа. Парушальніка перадалі супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны, піша dpsu.gov.ua.