Украінскія ўлады бяруць пад дадатковы кантроль кампаніі з Беларусі і РФ



Украінскія ўлады маюць намер прадухіліць вывад амаль 7 млрд даляраў за мяжу, якія належаць беларускаму і расейскаму бізнэсу. Аб гэтым у эфіры нацыянальнага марафону заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін.

Ён заявіў, што органы Нацыянальнай паліцыі надзвычай уважліва адсочваюць працу тых кампаній, якія звязаны з РФ і Беларуссю.

«На сённяшні дзень па ініцыятыве Нацыянальнай паліцыі распачата правядзенне дадатковага фінансавага кантролю ў адносінах да каля 7000 кампаній, якія маюць расейскую ці беларускую рэгістрацыю, або расейскіх ці беларускіх уласнікаў. І намі выдадзены дадатковыя рэкамендацыі сумесна з Нацыянальным банкам з мэтай аналізу ўсіх транзакцый і кантрактаў, якія прадугледжваюць выплаты ў валюце на тэрыторыю РФ», – распавёў Яўген Енін.

Украінскі чыноўнік лічыць, што ўкраінскія банкі могуць заблакаваць вывад сродкаў кампаній, звязаных з Беларуссю і РФ. Паводле яго ацэнкі, ва Украіне ў іх распараджэнні каля 200 млрд грыўняў, якія патэнцыйна могуць быць выведзены з краіны.

«Калі камерцыйныя банкі прыслухаюцца да рэкамендацый Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнага банка, мы можам казаць, што да 200 млрд грыўняў (каля 6,74 млрд даляраў. – заўвага) не будуць дапушчаныя для пераводу на тэрыторыю РФ з адпаведнай выплатай падаткаў і выкарыстання гэтых сум у інтарэсах вядзення баявых дзеянняў супраць Украіны», – растлумачыў ён.

Reform.by