Украінскія вайскоўцы ў зоне АТА знішчылі дыверсійную групу



Вайскоўцы Ўзброеных сілаў Украіны, якія выконваюць заданні ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі, знішчылі дыверсійна-разведвальную групу праціўніка, паведамляе прэс-цэнтр штаба АТА ў Facebook.

„У выніку здзейсненых мераў чацвёра баявікоў былі затрыманыя, а яшчэ двох: камандзір і адзін з дыверсантаў, якія зацята супраціўляліся байцам сілаў АТА, – ліквідаваныя. Варта адзначыць, што загінуўшы камандзір групы быў грамадзянінам Расейскай Федэрацыі, родам з горада Кірава”, – заявілі ў штабе ўкраінскіх вайскоўцаў.

Сярод палонных быў выяўлены яшчэ адзін грамадзянін РФ, нараджэнец Алтайскага краю.

У час затрымання ў тэрарыстаў забраная зброя: два кулямёты Калашнікава, дзве снайперскія вінтоўкі Драгунова, два аўтаматы Калашнікава і адзін ручны супрацьтанкавы гранатамёт.

Беларускае Радыё Рацыя