Улада забараніла правядзенне пікетаў каля будаўніцтва акумулятарнага завода



Берасцейскі райвыканкам забараніў правядзенне пікетаў „Берасцейскі супраць свінцу”.

Пікеты планаваліся на тэрыторыі Тэльмінскага сельсавета, побач з будоўляй акумулятарнага завода, 19 і 26 чэрвеня. Пікеты меркавалася правесці пад лозунгам „Заводу тут не месца” з мэтай выказаць пратэст у сувязі з будаўніцтвам побач з Берасцем завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр”, праінфармаваць грамадзян пра шкоду свінцу і яго злучэнняў для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя, пра парушэнні, дапушчаныя прадпрыемствамі групы кампаній „1АК”. Заяўнікамі акцый выступіла група жыхарак Берасця і Берасцейскага раёна.

 

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, падставай для забароны пікетаў стала тое, што яны заяўленыя не на месцы, вызначаным мясцовай уладай для масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Тэльмінскага сельсавета. „Адмова фармальная і парушае правы на свабоднае выказванне свайго меркавання. Чыноўнікі не хочуць выпускаць публічныя пратэсты за межы устаноўленых імі „рэзервацый”, — заявіў Кісляк.

Ён нагадаў, што гэта не першая забароненая ўладамі акцыя супраць акумулятарнага завода.

Раней у Берасцейскі гарвыканкам актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў цэнтры Берасця трох акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода: двух мітынгаў (31 сакавіка і 10 чэрвеня) і дэманстрацыі і мітынгу „Марш супраць свінцу” (3 чэрвеня). Мясцовая ўлада іх забараніла на падставе таго, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама на заяўленых пляцоўках не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

„Забароны ўсіх гэтых акцый будуць абскарджаныя ў судзе і затым у Камітэце ААН па правах чалавека”, — падкрэсліў праваабаронца.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 траўня на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

29 красавіка на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабраліся прыблізна дзве тысячы чалавек.

11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.

5 чэрвеня ў Берасцейскі гарвыканкам была пададзеная заяўка на сем пікетаў супраць акумулятарнага завода: 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня на пешаходнай пляцоўцы на адной з вуліц у цэнтры горада.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

belapan.by