Уладальнікі рэстарана „Поедем, поедим” прапанавалі яго купіць



Уладальнікі забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем, поедим” у Курапатах прапаноўваюць свае тры варыянты вырашэння праблемы з працай установы. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які 22 чэрвеня сустрэўся з адным з уладальнікаў комплексу Леанідам Зейдэсам.

Паводле слоў палітыка, прапанову аб сустрэчы ён атрымаў праз сябра. „Падумаў, што яна можа паспрыяць вырашэнню праблемы, якая важная для ўсяго беларускага грамадства”, — сказаў Кастусёў.

Ён адзначыў, што на сустрэчы Зейдэсам былі прапанаваны тры варыянты вырашэння праблемы.

Першы: продаж комплексу па сабекошце. Новы ўладальнік, калі ён будзе да гэтага гатовы, мог бы перадаць яго грамадскасці пад музей.

Другі: уладальнікі ўкладваюць свае сродкі ў рэканструкцыю мемарыяла (размова ішла пра суму да 100 тыс. долараў), а таксама змяняюць фармат установы з забаўляльнага на сямейны, які б наведвалі бацькі з дзецьмі.

Трэці: уладальнікі гатовыя перадаць адзін з будынкаў для размяшчэння ў ім музея. Яны гатовыя за свой кошт забяспечыць яго камунікацыямі і адгарадзіць ад астатняга комплексу, каб быў асобны ўваход з боку мемарыяла, а таксама памяняць фармат установы.

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць правядзення круглага стала з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. „Называлася дата 29 чэрвеня. Аднак пазней я пачаў сумнявацца ў ёй. У гэты дзень у Беларусь прыедуць замежныя дэлегацыі для ўдзелу ў адкрыцці мемарыяла ў Трасцянцы. Мы запрашалі іх прадстаўнікоў наведаць і Курапаты. Неабходна, каб два мерапрыемствы не супалі па часе, таму 29 чэрвеня — папярэдняя дата”, — сказаў Кастусёў.

Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу каля месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій праходзяць штодня з 31 мая. Іх удзельнікі настойваюць на закрыцці або пераносе комплексу.