Улады адмаўляюцца агучыць прозвішчы ахвяраў Курапатаў



Генеральная пракуратура Беларусі адмаўляецца назваць прозвішчы  грамадзянаў, парэшткі і дакументы якіх знойдзеныя ў Курапатах – месцы масавых расстрэлаў сталінскіх часоў пад Менскам. Паводле грамадскага актывіста і журналіста Марата Гаравога, адмова тлумачыцца засакрэчанасцю матэрыялаў крымінальнай справы аб пахаваннях у Курапатах:

– На наш погляд, гэта неабгрунтаваны адказ. У ім не названы нарматыўна-прававы акт, які наклаў грыф сакрэтнасці на матэрыялы, якія маюць гістарычнае, маральнае і духоўнае значэнне для народу Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці.

Як падкрэслівае юрыст Тамара Сяргей, пракуратура павінна стаяць на “стражы законнасці”:

– Раз яны не сказалі, якія прозвішчы вядомыя, а заявілі пра тое, што накладзены грыф сакрэтнасці на матэрыялы, якія маюць гістарычную і духоўную каштоўнасць, гэта гаворыць пра тое, што Генеральная пракуратура насуперак сваіх абавязкаў бароніць нечыя асабістыя інтарэсы, а не інтарэсы нашага народа, нават не інтарэсы дзяржавы. І гэта павінна вельмі непакоіць нашу грамадскасць і наш народ.

Бліжэйшым крокам стане новы запыт у Генеральную пракуратуру Беларусі аб прозвішчах пахаваных у Курапатах. Таксама не выключаецца пазоў у суд на пракуратуру, якая адмовіла ў прадстаўленні такой інфармацыі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]