Улады Бабруйска прыраўнялі відэаапытанні да сацыялагічнага даследавання
Ідэолагі з мясцовага гарвыканкама даслалі ліст з патрабаваннем выдаліць відэаапытанні з сайта выдання «Бобруйский курьер». Гэта пяць відэаролікаў-апытанняў, дзе людзі выказваюцца пра сваё стаўленне да выбараў і прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
Улады горада палічылі, што гэтыя ролікі – сацыялагічнае даследаванне, а правядзенне такіх даследаванняў і іх публікацыя падпадае пад адміністрацыйную адказнасць. У выпадку, калі рэдакцыя ня выдаліць ролікі, ідэолагі пагражаюць пачаць адміністрацыйны працэс.
Галоўны рэдактар выдання Анатоль Санаценка лічыць прэтэнзіі гарадскіх уладаў беспадстаўнымі. Бо права на атрыманне, распаўсюд і захоўванне інфармацыі гарантаванае Канстытуцыяй. Таксама Канстытуцыяй гарантаваная свабода меркаванняў і іх выказвання.
Анатоль Санаценка падрыхтаваў зварот у пракуратуру, у якім просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання для абароны гарантаваных Канстытуцыяй правоў.
Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]