Улады Беларусі зноў пачалі ўжываць карную псіхіятрыю?
Праваабаронцам вядома каля пяці выпадкаў выкарыстання псіхіятрыі ў дачыненні да палітычных актывістаў. Як мяркуецца, гэта толькі частка выпадкаў, якія трапляюць у СМІ.
Ці насамрэч мае месца гэтак званая карная псіхіятрыя ў Беларусі як з’ява, у Берасцейскім абласным псіха-неўралагічным дыспансеры высветліць не ўдалося. Галоўнага лекара ўстановы Мікалая Скаскевіча некалькі дзён нібыта няма на месцы:
– Прыёмная. Добры дзень.
РР: Як з галоўным лекарам паразмаўляць?
– Заўтра. Яго няма на месцы.
Вядома, што берасцейскую актывістку Наталлю Папкову ўтрымлівалі ў псіха-неўралагічным стацыянары, які падпарадкоўваецца псіха-неўралагічнаму дыспансеру:
– Я ўдзельнічала ў „Маршы дармаедаў” у Менску. Пазней я была на ўсіх маршах у Берасці, якія праводзіліся супраць гэтага закона. Мяне амаль што ўвесь час цягалі ў міліцыю, пастанныя выклікі, то на панядзелак, то на пятніцу. Потым мне патэлефанавалі з псіхдыспансера, але я адмовілася ісці. Напярэдадні акцыі падышлі два міліцыянты і кажуць: „Паехалі”. Мяне змясцілі ў аддзяленне, забралі ўсе рэчы. Не лячылі дзякуй Богу.
Пасля таго, як сталі вядомыя выпадкі злоўжывання псіхіятрыяй у інтарэсах улады ў Савецкім Саюзе, быў створаны камітэт па этыцы Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі і распрацаваны этычныя стандарты псіхіятрычнай практыкі. У іх падкрэсліваецца, што прымусовае ўтрыманне пацыента ў псіхіятрычнай установе магчыма толькі ў выключных выпадках, калі існуе непасрэдная пагроза жыццю і здароўю людзей.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
