Улады Гомеля хочуць рэканструяваць частку Праспекта Касманаўтаў



Гомельскі гарвыканкам задумаў рэканструкцыю часткі Праспекта Касманаўтаў за 2 мільёны даляраў. У выніку будаўнічых прац, запланаваных на 2017 год, чатырохпалосны ўчастак дарогі ад вуліцы Царыкава да Магілёўскай пераўтворыцца ў шасціпалоску з адным кругавым скрыжаваннем. Аднак не ўсе гомельцы падтрымліваюць такі намер уладаў. Жыхар абласнога цэнтра Павел Кузняцоў нават ініцыяваў спецыяльную онлайн-петыцыю супраць пашырэння Праспекта Касманаўтаў.

– Рэканструкцыя Праспекта Касманаўтаў наогул на дадзены момант не патрэбная. Аўтамабілісты адчуваюць сябе там даволі камфортна. Там няма пробак і затораў. Пробкі бываюць толькі на з’ездзе з Палесскага маста, але ж ягонага расшырэння гэтая рэканструкцыя не прадугледжвае.

Архітэктар Сяргей Ляпін лічыць, што гомельскі Праспект Касманаўтаў і ў цяперашнім выглядзе выдатна спраўляецца з транспартным трафікам.

– Адна з праблемаў сённяшняга праспекта – гэта менавіта тое, што светлафоры не сінхранізаваныя. Ёсць некалькі кнопкавых пешаходных светлафораў, якія актывуюцца пешаходамі, і таксама збіваюць рытм руху. Той жа самы выйгрыш у прапускной здольнасці вуліцы можна атрымаць вельмі малымі сродкамі толькі рэарганізацыяй светлафорнай інфраструктуры.

Ініцыятары стварэння петыцыі спадзяюцца, што гомельскія ўлады знойдуць лепшае прымяненне бюджэтным сродкам, чым пераўтварэнне Праспекта Касманаўтаў у „хайвэй”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель