„Суддзя рабіла ўсё, каб склалася ўражанне, што гэта аб’ектыўны разгляд” (абноўлена)



Алена Анісім у гутарцы з нашым карэспандэнтам Стасам Дадэркам пракаментавала ліквідацыю ўладамі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.

РР: Спадарыня Алена, як вы пракаментуе сённяшняе паседжанне ў Вярхоўным судзе?

Алена Анісім: Што тут каментаваць. Рашэнне было загадзя прадвызначанае, і сённяшняе паседжанне гэтаму яшчэ раз доказ. Таму што напярэдадні, а менавіта ў пятніцу, у Міністэрства юстыцыі дайшоў наш ліст з прапановай заключыць міравое пагадненне, а паседжанне пачалося з таго, што менавіта прадстаўнік Міністэрства юстыцыі выказаў пазіцыю Мініюста аб тым, каб пагадненне не заключаць, і яны настойваюць на сваёй позве аб ліквідацыі Таварыства беларускай мовы. Таму ўсё астатняе, што было,  – гэта было ўжо фармальна. Фармальна ўсё праводзілася, хоць быццам рабіўся аб’ектыўны выгляд.

РР: Цікава, як паводзіў сябе суддзя?

Алена Анісім: Суддзя рабіла ўсё, каб склалася ўражанне, што гэта аб’ектыўны разгляд усіх падзей і ўсіх фактаў. Паміж тым, цуд на самой справе, што нам удалося на два месяцы з лішкам адкласці нашу ліквідацыю.

РР: Я памятаю, што суддзя, які ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў, казаў, што вы ж зможаце зноў падаць дакументы на рэгістрацыю. Вам такіх прапаноў не выстаўлялі?

Алена Анісім: На абвяшчэнні рашэння Вярхоўнага суда я не з’яўлялася, таму што я працую, і бегаць кожную хвіліну на тры хвіліны, каб нам абвесцілі вырак, у мяне не было часу. Таму афіцыйнае рашэнне Вярхоўнага суда ў пісьмовым выглядзе будзе нам даслана цягам  двух-трох дзён. Там я і пабачу, што нам яшчэ прапаноўваецца. Хоць на самой справе мы і без прапановы Вярхоўнага суда ведаем, што і як нам рабіць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

***

Улады ліквідавалі Таварыства беларускай мовы. Гэта была адна з самых аўтарытэтных грамадскіх арганізацый у Беларусі. Яна займаецца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры.

ТБМ не ўратавала нават тое, што з 2016 па 2019 год яго старшыня Алена Анісім была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў.

Верагодна, ліквідацыя ТБМ звязаная з тым, што арганізацыя была заснавальнікам газеты „Новы Час”. Сайт газеты ў кастрычніку быў заблакаваны, а ў яе кіраўнікоў і ў рэдакцыі прайшлі ператрусы.

Беларускае Радыё Рацыя