Улады пачалі праверку БАЖ (абноўлена)



Міністэрства юстыцыі пачало маніторынг дзейнасці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У лісце, які прыйшоў на адрас арганізацыі ў панядзелак, ідзе размова аб прадастаўленні тысяч дакументаў за перыяд з 1 студзеня 2018 года і па сёння. Сярод таго, што прапануецца прадаставіць у Мінюст, — спісы сябраў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і многае іншае.

Як адзначыў у нашым эфіры намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, сітуацыя была даволі чаканай, і арганізацыя да яе гатовая:

– Мы будзем змагацца за рэгістрацыю, за тое, каб БАЖ захаваць. Уся нашая дзейнасць ва ўсе гады была законнай і абсалютна празрыстай. Мы заўсёды запрашалі Мінюст на ўсе нашы з’езды афіцыйным лістом. І мы дасылалі кожны год справаздачы ва ўсе органы, якія нас кантралююць. Спадзяемся, што захаваем БАЖ.

Прадстаўнік Мінюста паведаміў, што дакументы БАЖ у ведамстве чакаюць да раніцы серады, 23 чэрвеня.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Міністэрства юстыцыі распачало маніторынг дзейнасці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У лісце, які прыйшоў на адрас арганізацыі ў  панядзелак 21 чэрвеня, ідзе размова пра прадастаўленне ва Упраўленне па пытаннях дзейнасці некамерцыйных арганізацый тысяч дакументаў за перыяд з 1 студзеня 2018 года і па сёння.

Сярод таго, што прапануецца прадаставіць у Мінюст, — спісы сябраў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і многае іншае.

Адметна, што запыт Міністэрства юстыцыі датаваны 9 чэрвеня, але быў атрыманы арганізацыяй толькі сёння, 21 чэрвеня. І ўжо сёння было прапанавана прадаставіць дакументы. Цяпер прадстаўнік Мінюста паведаміў, што дакументы БАЖ у ведамстве чакаюць да раніцы серады, 23 чэрвеня.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падкрэслівае, што ўсе 25 гадоў арганізацыя строга прытрымлівалася заканадаўства ў сваёй штодзённай працы і справаводстве. Разам з тым, прадаставіць вялізны пералік запытаных дакументаў цягам двух дзён проста нерэальна. Хоць бы таму, што частка дакументаў дагэтуль знаходзіцца ў Следчым камітэце, бо іх забралі пасля ператрусу ў офісе арганізацыі 16 лютага.

У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” адразу накіравала скаргу на імя міністра юстыцыі з просьбай прадаставіць аб’яднанню разумныя тэрміны для прадастаўлення дакументаў.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 1300 журналістаў, рэдактараў, фатографаў, выдаўцоў і іншых асобаў, з’яўляецца прызнаным на міжнароднай арэне аб’яданннем, сябрам Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.

baj.by