Уладзімір Колас: Хочацца проста годна адзначыць Дзень Волі



Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас выказаў сваё меркаванне пра тое, як арганізатары Дня Волі рыхтуюцца да правядзення мерапрыемства.

Нагадаем, што ў плане падрыхтоўкі да Дня Волі апазіцыя ў чарговы раз вырашыла ісці рознымі калонамі. Заяўнікі акцыі прапанавалі ў Менгарвыканкам адзін сцэнар, палітык Мікалай Статкевіч агучыў свой план правядзення мерапрыемства.

Уладзімір Колас: Раз’яднанасць ужо даўно шкодзіць агульнай справе, і менавіта гэтая якасць некаторых нашых лідараў прывяла нас у такі стан. Вельмі сумна гэта канстатаваць, але ізноў усё адбываецца па сцэнару, які пішуць іншыя – тыя, хто знаходзіцца па іншы бок барыкад. Працягваецца працэс раз’яднання апазіцыі і яе самадыскрэдытацыі. Як ні горка, але ў чарговы раз гэта даводзіцца канстатаваць. І гэта ўсё заканамерна. Калі не робяцца высновы з памылак і няма самакрытыкі, то цяжка спадзявацца на нейкія станоўчыя вынікі, нейкія перамены да лепшага. Усё наадварот ідзе ўніз.

РР: Зянон Пазьняк назваў план Статкевіча на Дзень волі “правакацыйным”, але шмат і супрацьлеглых меркаванняў. Як вы ставіцеся да гэтага?

Уладзімір Колас: Пазьняк не толькі пра Статкевіча такое кажа, але, на мой погляд, каб рабіць такія абвінавачванні, трэба мець пэўныя факты. У мяне такіх фактаў пакуль няма. Але з іншага боку трэба насамрэч думаць, каму сёння выгодна раз’ядноўваць дэмакратычныя сілы, калі прымаецца нейкае агульнае рашэнне, бурыць гэтае рашэнне, ісці насуперак. Але так паступае не толькі Мікола Статкевіч, але і многія іншыя лідары апазіцыі. Тая ж КХП-БНФ ладзіць 25 сакавіка сваю акцыю – у Кіеўскім скверы, заклікае людзей туды прыйсці, а не да Акадэміі навук.

РР: Якія вашы прагнозы наконт правядзення Дня Волі, бо сёння шмат розных сцэнароў развіцця падзей?

Уладзімір Колас: Асабіста я ў гэты дзень выйду туды, дзе ёсць мае аднадумцы, каб разам адсвяткаваць Дзень волі. Мяркую, шмат людзей з тых, хто стаіць на такіх жа пазіцыях, зробяць тое самае. Няма ніякага жадання рабіць нейкія правакацыі, і іх трэба асцерагацца. Хочацца проста годна адзначыць свята.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя