Уладзімір Лапцэвіч: Перспектывы такія – сесці альбо выязджаць



Беларуская незалежная журналістыка існуе ў больш складаных умовах, вымушана змяняе фармат сваёй працы, эмігруе, але яна жыве і нясе праўдзівую інфармацыю.

Сайт 6tv.by „Магілёўскі рэгіён” – добры прыклад. „Госць Рацыі” журналіст Уладзімір Лапцэвіч.

РР: Чаму так выйшла, што партал і журналісты аказаліся па-за межамі Радзімы?

– Гэта ўсё канешне вынікі тых падзей, якія мелі месца ў Беларусі ў 2020 годзе, калі шмат людзей выйшла з нагоды нязгоды з фальсіфікацыяй вынікаў выбараў, якія праходзілі ў жніўні. Наступныя рэпрэсіі, наступны дзяржаўны тэрор у дачыненні да журналістаў гэты тэрор праявіўся даволі хутка. Можна сказаць, што амаль з восені 2020 года, калі пачалі пазбаўляць рэгістрацыі тыя незалежныя СМІ, якія даволі плённа працавалі ў Беларусі. Я маю на ўвазе той жа TUT.BY. Недзе праз паў гады, можа дзевяць месяцаў гэтыя рэпрэсіі ўзмацніліся і стала зразумела, што не залежнаму парталу 6tv.by, такім чынам як ён працаваў раней, працаваць будзе немагчыма. Перспектывы такія, альбо большасці проста сесці ў турму, альбо трэба выязджаць і наладжваць працу ўжо за мяжой. Частка рэдакцыі так і зрабіла. Нехта з нашых, з тых, хто з намі супрацоўнічае, яшчэ ёсць у Магілёве. Яны на такія больш менш не палітычныя, не агульнаграмадскія тэмы даюць інфармацыю, а многа хто з нашай рэдакцыі выехаў за мяжу.

РР: Вы таксама прайшлі праз рэпрэсіі і адседзелі 20-ць сутак арышту.

20-ць сутак – гэта было ў траўні 2021 года. Цалкам я ад жніўня 20-га года да чэрвеня 21-га ў суме 45-ць сутак. Мяне некалькі разоў арыштоўвалі і накіроўвалі ў ізалятар адбываць адміністрацыйны арышт. Канешне тыя суткі, якія былі ў траўні, там яшчэ 1-га чэрвеня, яны найбольш мяне ўразілі так скажам. Яны суправаджаліся катаваннямі, раней такога не было.

РР: Вы адчулі гэта на сабе?

– Так, тады мы з маім калегам Алесем Бураковым, ён таксама ў той дзень быў затрыманы і потым асуджаны да тых жа 20-ці сутак адміністрацыйнага арышту. Спазналі тады гэтыя катаванні. Мы былі затрыманыя каля Магілёўскага абласнога суда ў той час, калі прыйшлі асвятляць суд Паўлам Севярынцам і тымі, хто праходзіў па яго справе. Нягледзячы на тое, што суд быў закрыты, я ў прынцыпе гэта ведаў і маёй адзінай мэтай было сустрэцца каля будынку суда з жонкай Паўла Севярынца – Вольгай. І ўзяць у яе каментар адносна яе стаўлення да таго, што адбываецца з яе мужам. Нават гэта зрабіць не далі і потым, нягледзячы на тое, што разагналі тых людзей, якія стаялі пад судом, і ўсе людзі сышлі адтуль, праз 300 метраў мяне дагналі Амапаўцы і затрымалі.

РР: Вы абсалютна легальна працавалі на тэрыторыі рэгіёну?

– Справа ў тым, што як такой рэгістрацыі ў нас не было. Мы незалежны інтэрнэт-партал, так можна нас акрэсліць. Напачатку ў нас былі думкі зарэгістравацца, а потым прыйшлі да высновы, што ў варунках цяперашняй і нават таго, што было да 2020 года, то ў Беларусі гэта не мае сэнсу. Рэгістрацыя каштуе вельмі сур’ёзных высілкаў і грошай – час, грошы, высілкі. Потым пабачылі, здаецца ў кастрычніку 2020 года, як лёгка яны пазбавілі рэгістрацыі сеткавае СМІ TUT.BY. Так, быў суд, але гэта ўсё адбылося значна хутчэй, чым тую рэгістрацыю сабе набывалі. Сэнс абсалютна адпаў у нейкай рэгістрацыі. Працавалі проста як асобныя незалежныя журналісты і выкладалі свае допісы, альбо нейкія відэасюжэты на сайт, на наш youtube-канал.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя