Уладзімір Лапцэвіч: Рэдакцыі знаходзяць новыя спосабы данясення інфармацыі



“У многім незалежная беларуская журналістыка разгромленая, але гэта не значыць, што яе зусім няма”, – кажа журналіст партала 6tv.by “Магілёўскі рэгіён” Уладзімір Лапцэвіч:

– Ёсць жывыя людзі, ёсць жывыя рэдакцыі, якія працуюць. Знаходзяць новыя спосабы, новыя метады працы, новыя спосабы данясення інфармацыі. Так, ідзе рэфарматаванне. І тыя рэдакцыя, якія працуюць за мяжой, я думаю, будуць і далей працаваць.

Пры гэтым на думку Уладзіміра Лапцэвіча, беларускія незалежныя СМІ за мяжой павінны стаць своеасаблівым рупарам цяперашняй беларускай дыяспары, якая дамагаецца зменаў да лепшага ў самой Беларусі. Журналіст прыводзіць станоўчы прыклад такой сітуацыі з ранейшых часоў:

– За станоўчы прыклад я бяру тыя ж самыя радыёстанцыі, якія працавалі за савецкім часам. іх глушылі, за праслухоўванне іх людзей каралі, але тым не менш, яны працавалі, яны даносілі інфармацыю, яны здабывалі інфармацыю і потым рэтранслявалі яе слухачам.

Дадамо, што большая частка рэдакцыі партала 6tv.by “Магілёўскі рэгіён”, на якім працуе Уладзімір Лапцэвіч, з прычыны пераследу працуе за межамі Беларусі. Пры гэтым 14 студзеня ў офіс партала ў Магілёве ўварваліся сілавікі і цалкам яго разграмілі. Раніцай таго ж дня ў дамах журналістаў Барыса Вырвіча і Яўгена Глушкова, якія супрацоўнічаюць з парталам, адбыліся ператрусы, журналістаў пазней дапыталі ў якасці сведак па крымінальнай справе. Абодва журналісты – на свабодзе.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]