Уладзімір Мацкевіч мае намер пачаць галадоўку



Ужо паўгода, з 4 жніўня 2021 года, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца пад арыштам па абвінавачанні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ). За ўвесь гэты час, за выключэннем фармальнага прад’яўлення абвінавачання і нязначных фармальных следчых дзеянняў, ніякага руху ў разглядзе справы Уладзіміра Мацкевіча па сутнасці не адбывалася, у тым ліку не было прад’яўлена ніякіх фактаў, якія абгрунтоўваюць абвінавачанне. Рэальнай прычынай зняволення з’яўляюцца публічныя выказванні Уладзіміра Мацкевіча аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Яго ізаляцыя – гэта спроба прымусіць замаўчаць публічнага інтэлектуала, фактычна пераслед філосафа за “мыслезлачынства”.

Следства наўмысна зацягваецца, а тэрмін утрымання пад вартай рэгулярна падаўжаецца.

4 лютага Уладзімір Мацкевіч мае намер пачаць галадоўку, выстаўляючы наступныя патрабаванні:

– Змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

– Завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд.

– Прызначыць дату судовага разбіральніцтва.

Ён збіраецца адмовіцца ад ежы з 4 лютага да выканання патрабаванняў. Плануецца, што першыя дзесяць дзён гэта будзе галадоўка на вадзе. У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён, ён пяройдзе да сухой галадоўкі. Таксама Уладзімір Мацкевіч мае намер адрасаваць начальніку СІЗА просьбу аб дазволе на доступ да лекара, натарыуса і пастара.

Фота: facebook

[manual_related_posts]