Уладзімір Някляеў: Леанід Барткевіч – гэта частка легенды



Паэт Уладзімір Някляеў распавёў пра апошнюю сустрэчу з Леанідам Барткевічам.

Нагадаем, што цырымонія развітання з легендарным салістам “Песняроў” Леанідам Барткевічам пройдзе 15 красавіка ў Белдзяжфілармоніі.

Уладзімір Някляеў: Апошні раз я сустракаўся з Леанідам Барткевічам у лютым мінулага году ў Нью-Ёрку, у залі на Брайтан-Біч, дзе ён разам з Анатолем Кашапаравым давалі канцэрт. Выступалі пераважна перад эмігрантамі.

Пасля канцэрта, натуральна, мы пасядзелі і паразмаўлялі. Я ведаў, што Леанід даволі даўно хварэў на цукровіцу, спытаў у яго: як здароўе? Той адказаў, што ўсё нармальна. Маўляў, у Амерыцы і дактары добрыя, і лекі, таму вялікай праблемы няма. А зараз вось паведамілі, што менавіта гэтая хвароба і стала прычынай ягонага сыходу.

РР: На якія тэмы тады размаўлялі?

Уладзімір Някляеў: Палітычныя тэмы не закраналі, бо ў гэтым плане Леанід Барткевіч, мякка кажучы, быў нейтральны. У свой час, калі жыццё з Вольгай Корбут пайшло наўскасяк, і ён вярнуўся з Амерыкі ў Менск, улады дапамаглі яму ў побыце – Барткевіч займеў кватэру, далі зямлю пад будаўніцтва катэджа. Натуральна, чалавек, якому так дапамаглі, не будзе казаць нешта кепскае пра тых, хто яму гэта даў.

Таму мы падчас той сустрэчы ўспаміналі найперш залатыя часы “Песняроў”. Я раней ездзіў на гастролі разам з імі, адчуваў тыя залы, якія прыходзілі на канцэрты, фанатаў, якія ездзілі за “Песнярамі” па ўсім Савецкім Саюзе. А “Песняры” таго часу былі па папулярнасці нароўні з “Бітлз”.

І Леанід Барткевіч быў артыстам файным, з голасам ад прыроды, які не трэба было “ставіць”, як некаторым іншым. І, як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Ён быў не толькі артыстам, але і мастаком, які маляваў някепскія карціны. Адным словам, Леанід Барткевіч – гэта частка легенды, частка “Песняроў” мулявінскага часу. Шкада, што адной зоркі сцэны на сцэне ўжо не стала.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя