Уладзімір Родчанка працягвае шукаць праўды ў судовых інстанцыях



Гарадзенскі абласны суд разгледзеў скаргу гарадзенскага айцішніка Уладзіміра Родчанкі, у якога забралі аўтамабіль за бел-чырвона-белыя сцягі.

Суддзя Андрэй Ліхач пакінуў рашэнне Ленінскага суда без зменаў. Такім чынам сцягі знішчаць, а сам Родчанка павінен сплаціць штраф у 25 базавых велічынь, бо яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Адвакат Аляксандр Бірылаў лічыць, што рашэнне Ленінскага суда было прадузятым і неабгрунтаваным, і разам са сваім падабаронным збіраецца далей шукаць праўды ў судовых інстанцыях.

– Мы гаварылі, што нашы хадайніцтвы, якія істотна ўплывалі на паўнату і аб’ектыўнасць разгляду гэтай справы, судом не былі задаволеныя. Гэта як раз пазбавіла магчымасці спраўдзіць усе акалічнасці справы, праверыць абгрунтаванне скаргаў, якія мы падавалі падчас дасудовай падрыхтоўкі гэтай справы да разгляду. Па сутнасці нас пазбавілі магчымасці даказаць сваю невінаватасць. І на наш погляд, некаторыя моманты, якія прагучалі падчас судовага пасяджэння, гаварылі пра тое, што суд не быў непрадузятым, і яшчэ падчас вывучэння доказаў і судовага разбіральніцтва, ужо прыняў для сябе рашэнне пра вінаватасць Родчанкі.

14 ліпеня гарадзенскі праграміст падчас мірнай акцыі ездзіў па горадзе на сваім аўтамабілі. На яго шкле былі прымацаваныя бела-чырвона-белыя сцягі, а ў салоне гучалі песні Віктара Цоя. Машыну Уладзіміра Родчанкі спыніў экіпаж ДАІ, а пазней у Ленінскім РАУС на яго склалі адміністрацыйны пратакол, а аўтамабіль змясцілі на стаянку як рэчавы доказ. Таксама 12 жніўня Уладзімір Родчанка выйшаў на плошчу Леніна з плакатам параненай 5-гадовай дзяўчынкі. За што і быў жорстка збіты ў міліцэйскім пастарунку. Таму ў абласны суд ён прыйшоў кульгаючы з перабінтаванай нагой, бо ў яго пашкоджаны меніск каленнага сустава.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя