Уладзімір Вялічкін: Канстытуцыя гарантуе вам права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх



Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін звярнуўся да суайчыннікаў з парадай, як не нашкодзіць людзям.

У крымінальным палітычна матываваным пераследзе апошняга часу Вялічкін заўважае пэўную асаблівасць: цяпер пачалі прыцягваць тых людзей, чые імёны гучалі раней падчас допытаў. Тады “хтосьці мог сказаць, што на пратэсце бачыў сваіх знаёмых — і зараз узяліся за гэтых самых знаёмых”, адзначае праваабаронца і падкрэслівае:

– Не трэба размаўляць з гэтымі следчымі, з участковымі, якія задаюць такія пытанні. Заўсёды трэба карыстацца, каб не нашкодзіць іншым і сабе таксама, артыкулам 27 Канстытуцыі, які гарантуе вам права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх, а таксама памятаць, што шмат часу мінула і вы не абавязаны памятаць тое, што было год і больш таму назад, каб не падстаўляць гэтых людзей. Проста сказаць: не памятаю.

За студзень гэтага года па крымінальных палітычна матываваных справах у Берасцейскай вобласці быў асуджаны 21 чалавек, паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”. У асноўным гэта справы, звязаныя яшчэ са жнівеньскімі і восеньскімі пратэстамі ў Берасці.

[manual_related_posts]