Уладзіміра Грыдзіна вазілі ў РУУС за здымкі пустой судовай залы



Фотакарэспандэнта “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Уладзіміра Грыдзіна адпусцілі з Завадскога РУУС, пратрымаўшы паўтары гадзіны. Міліцыянты затрымалі журналіста ў судзе, калі ён фатаграфаваў пустую залу да пачатку судовага працэсу.

Як паведаміў Уладзімір Грыдзін, пасля таго як сцерлі ўсе здымкі з флэшкі, яго адпусцілі без складання пратаколу.

– Завезлі ў РУУС і адпусцілі. Хацеў зрабіць фотаздымкі будынку суда, проста пустой залі. Кажуць, што нібыта нельга, але такой пастановы ніхто не бачыў. Яе няма. І сцерлі з апарату здымкі, што я зрабіў. Затым ператэлефаноўвалі каб я вярнуўся, хацелі яшчэ паразмаўляць дадаткова. Я не ведаю, што яны хацелі, я не вяртаўся. Але яны некалькі гадзін мне тэлефанавалі.

Юрысты Беларускай Асацыяцыі Журналістаў цяпер высвятляюць законнасць затрымання фотажурналіста падчас выконвання сваіх працоўных абавязкаў. Днямі быў затрыманы іншы журналіст «Камсамольскай Праўды» за фатаграфаванне фасаду Акадэміі Навук. Праваахоўнікі спасылаліся на нядаўнюю пастанову Міністра ўнутраных спраў, якой забараняецца фатаграфаванне шэрагу грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя