Уладзіслава Кошалева асудзілі на трое сутак за збор подпісаў



Трое сутак арышту на Акрэсціна за збор подпісаў у Інтэрнаце  ў падтрымку „Народнага рэфэрэндуму” – такі прысуд быў вынесены 31 кастрычніка ў дачыненні да прыхільніка Руху „За свабоду” Уладзіслава Кошалева. Суддзя знайшла ў дзеяннях збіральніка подпісаў прыкметы правядзення сходу жыхароў інтэрната, – гаворыць намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, які прысутнічаў на разглядзе справы.

– Вырак – трое сутак. Уладзіслаў правядзе іх за кратамі да панядзелка. Суддзя палічыла, што ў ягоных дзеяннях ёсць прыкметы правядзення масавага мерапрыемства, што поўная бязглуздзіца. Збор подпісаў – гэта абсалютна легальная дзейнасць. І калі зборшчык подпісаў у працэсе збора размаўляе з людзьмі і тлумачыць ім,  пад якой ініцыятывай ён заклікае іх падпісацца, гэта ніякім чынам не можа быць разгледжана як правядзенне масавага мерапрыемства.

28 кастрычніка Кошалеў збіраў подпісы за „Народны рэфэрэндум” у інтэрнаце ў Менску. Гэта не спадабалася намесніцы дырэктара па ідэалогіі навучальнай установы, якая адабрала ў актывіста падпісныя лісты.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя