Уласнік крамы беларускай сімволікі распавёў пра жыццё пасля арышту



Уласнік крамы беларускай сімволікі ў Баранавічах расказаў пра жыццё пасля арышту. Прадпрымальніка і актывіста Юрыя Казакевіча затрымалі ў канцы лістапада і абвінавацілі ў распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, асудзілі на 15 сутак. У пачатку снежня ён выйшаў на волю – піша Intex-press.

Нагодай для затрымання, вобшуку і арышту, паводле Казакевіча, стаў рэпост “абсалютна бяскрыўднай навіны” аднаго з беларускіх парталаў, які нядаўна прызналі экстрэмісцкім. Пасля затрымання з актывістам запісалі так званае “пакаяльнае відэа”, сказаўшы, што гэта нібыта для ўнутранага карыстання, але відэа выклалі ў інтэрнэт. Пасля выхаду на волю, актывіст дазнаўся, што нехта ў Баранавічах збіраў грошы на перадачу яму ў ізалятар, але ніякай перадачы ён так і не атрымаў, асоба чалавека, які збіраў грошы, невядомая. Цяпер Юры Казакевіч спрабуе вярнуцца да нармальнага жыцця, але ў краме справы ідуць “не вельмі”. Ён кажа, што людзі напалоханы, баяцца набыць, да прыкладу, белую сукенку з чырвонай вышыўкай або нават чорную маску з чырвоным сімвалам. Пры гэтым у краме прадаецца прадукцыя ў тым ліку дзяржаўнага прадпрыемства – Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў.