Улёткі на вуліцах Баранавіч: Скажы НЕ дэкрэту №1



На цэнтральных вуліцах Баранавіч зноў з’явіліся ўлёткі ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Улёткі з кароткім тэкстам: “Да колі цярпець? Скажы НЕ дэкрэту №1” заклікаюць жыхароў горада не забываць пра пятлю на шыі беспрацоўных у выглядзе пераробленага дэкрэта №3.

Дэкрэт №1 таксама супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, як і яго сабрат дэкрэт №3, кажа каардынатар партыі па Берасцейскай вобласці Аляксандр Швед:

– Народная Грамада заклікае, каб вы паўсталі і сказалі: мы супраць гэтага дэкрэту. Мы не павінны выконваць гэтыя беззаконныя ўказы і дэкрэты, якія супярэчаць Канстытуцыі і правам чалавека. Гэты дэкрэт прымушае нашых грамадзян працаваць амаль што за міску супу. А людзям патрэбна жыць, гадаваць сваіх дзетак, глядзець свае сем’і.

Паводле Аляксандра Шведа, гэтым дэкрэтам улада ператварае непрацуючых людзей у рабоў. Як працуючых – кантракты. Да пачатку дзеяння дэкрэта №1 засталося тры месяцы.

Беларускае Радыё Рацыя