Унікальны супрацьпухлінны прэпарат будуць вырабляць у БДУ



Прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ» стала адзінай пляцоўкай у свеце па вытворчасці арыгінальнага супрацьпухліннага прэпарата «Тэмадэкс». Рэгістрацыйнае пасведчанне на выпуск лекавага сродку выдадзена Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэта.

Ідэя, распрацоўка, тэхналогія вытворчасці, пацвярджэнне бяспекі і эфектыўнасці прэпарата прыналежаць вучоным НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. Клінічныя выпрабаванні і даследаванні праведзены таксама супрацоўнікамі ўніверсітэта пры ўдзеле ўрачоў сталічнай ГКБ хуткай медыцынскай дапамогі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава і БДМУ. «Такім чынам, БДУ стаў першай айчыннай ВНУ, дзе захаваны поўны цыкл асваення супрацьракавага сродку: ад ідэі да яго вытворчасці. Пры гэтым прадпрыемства выпускае субстанцыю і дапаможныя рэчывы для атрымання гатовага лякарства, адраснай дастаўкі да органаў-мішэней і пралангацыі дзеяння», – адзначылі ў ВНУ.

«Тэмадэкс» прымыняецца ў комплекснай хірургіі для лячэння раку галаўнога мозгу рознай складанасці. Ён уяўляе сабой парашок для прыгатавання біярассысальнага гідрагелю. «Тэмадэкс» наносіцца і пакідаецца на ложы выдаленай пухліны і ўсіх кантактуючых з ёю тканках. Гель паступова рассысаецца, вызваляючы малекулы хіміяпрэпарата і падтрымліваючы патрэбную яго канцэнтрацыю для знішчэння астатніх пасля аперацыі клетак і прадухілення рэцыдываў.

«Беларускі прэпарат не мае сусветных аналагаў. Вядомы амерыканскі «Гліядзел» падобны па месцы прымянення, але адрозніваецца па саставе і вырабляецца ў выглядзе сурвэтак. Перавагай айчыннага сродку з’яўляецца таксама нізкі кошт. Для грамадзян Беларусі лячэнне »Тэмадэксам« ажыццяўляецца бясплатна», – падкрэслілі ва ўніверсітэце.

«Тэмадэкс» уключаны ў клінічны пратакол Беларусі па дыягностыцы і лячэнні злаякасных новаўтварэнняў. Актыўна вядзецца работа па яго рэгістрацыі за мяжой. Прэпарат запатэнтаваны ў еўразійскім рэгіёне і Расеі, пададзена заяўка на атрыманне міжнароднага патэнта PCT, які гарантуе замацаванне аўтарства на вынаходства ў 56 краінах свету, таксама «Тэмадэксу» прысвоены ў Еўропе статус арфаннасці (статус для фармацэўтычнага сродку, што распрацаваны для лячэння рэдкіх захворванняў).

Плануецца, што ў профільныя медыцынскія ўстановы Беларусі «Тэмадэкс» паступіць у канцы першага квартала бягучага года.

БелТА