Упершыню ў Гародні пройдзе «Кірмаш даўніны»



29 і 30 красавіка 2017 года на гарадзенскай Савецкай плошчы ўпершыню адбудзецца “Кірмаш даўніны”. Адкрыецца сустрэча а 11 гадзіне паказам старажытных аўтамабіляў і мотатэхнікі, а збіральнікі манет і марак, паштовак ды іншых збораў прадставяць гарадзенцам свае зборы.

Пра будучае мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў, кіраўнік народнага клуба калекцыянераў “Скарабей” Віктар Какарэка:

— У буйных гарадах Еўропы ёсць «блышыныя рынкі», на якіх распрадаецца многа-многа. І рынак прадугледжвае штодзённы гандаль. Турыстаў там безліч: яны прыходзяць, корпаюцца, глядзяць. Нават проста паглядзець, патрымаць у руках прыемна, не абавязкова нават купляць. У нас жа такой традыцыі пакуль няма і мы спрабуем яе ў нас прышчапіць. У больш чым 40 гарадах Польшчы праходзяць падобныя аднадзённыя кірмашы.

Апроч гарадзенцаў чакаецца, што на «Кірмаш даўніны» прыедуць збіральнікі з Ліды і Ваўкавыска, а таксама з Менска ды іншых гарадоў Беларусі. Па словах арганізатараў сустрэчы яна таксама накіравана і на бязвізавых турыстаў з Літвы і Польшчы , што маюць магчымасць наведаць Гародню на 5 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня