Упершыню ў Пінску разглядаюць справу па факце забойства сабак



Упершыню ў Пінску праваахоўнікі разбіраюць справу па факце забойства сабак. У краіне аналагічныя прэцэндэнты ў адпаведнасці з законам «Аб абыходжанні з жывёламі» ўжо створаныя і злачынцы панеслі адказнасць.

У ходзе разбіральніцтва выявілася, што грамадзянін застрэліў двух сабак, ў вёсцы Пачапава і Высокае, у Пінскім раёне. Цяпер пракуратура рыхтуе справу для перадачы ў суд. На думку сябры праўлення Пінскага гарадскога дабрачыннага аб’яднання “Абарона жывёл” Алены Рамановіч, грамадства ў цэлым самае жорстка абыходзіцца з чатырохногімі:

— Відаць павінна змяніцца не адно пакаленне, каб нешта ў нас змянілася. Бяруць кацянят, шчанюкоў, асабліва ўлетку, каб дзіця пагулялася. А потым пачынаецца: падраў шпалеры, напэцкаў — выкідаюць на вуліцу. Нашы людзі у асноўнай масе не змяняюцца.

Алена Рамановіч дадае, што менавіта таму пра такія выпадкі, як на Піншчыне, трэба казаць болей, каб грамадзяне асэнсоўвалі адказнасць і паспрабавалі змяніць свае стаўленне да жывёл. Успрымаць іх не як ляльку і бяспраўную істоту, а мець павагу і абараняць.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск