Урачыстае завяршэнне перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай



15 кастрычніка фігура Маці Божай Фацімскай вярнулася ў менскую архікатэдру — святыню, з якой год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя па парафіях архідыяцэзіі. Фігуру Фацімскай Панны мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў год таму ў Фаціме – напярэдадні 100-гадовага юбілею цуда ў Партугаліі.

Перад адмысловай імшой у Чырвоным касцёле Тадэвуш Кандрусевіч у размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя сказаў, што лічыць фацімскія аб’яўленні вартымі штодзённай увагі вернікаў.

– Фацімскія аб’яўленні – самыя яскравыя аб’яўленні нашага часу. Бо ўсё тое, што мы сёння перажываем, было прадказана 100 гадоў таму. Прадказана дзяцям, якія не ўмелі пісаць, не ведалі геаграфіі. Аднак усё, што праз іх Марыя перадала, збылося.

Пры гэтым, падкрэслівае мітрапаліт, не трэба ў  фацімскіх прароцтвах бачыць толькі перасцярогі.

– Марыя паказвае яшчэ і Божую любоў. Калі будзеце маліцца, усё будзе добра. Часамі мы наракаем, што нам штосьці баліць. З іншага боку, добра, што баліць. Бо калі баліць, мы ідзем да лекара. Марыя кажа, паглядзіце, вы хворыя. Вы духоўна хворыя. Трэба лячыцца. Нічога не трэба плаціць за гэты лек. Трэба толькі маліцца, трэба навяртацца.

Пасля імшы ў Чырвоным касцёле ўрачыстая працэсія святароў і вернікаў перанесла Фігуру Фацімскай Панны ў менскую Катэдру, дзе яна змешчана ў бочным алтары, адмыслова змайстраваным да юбілею. За год свайго падарожжа фігура наведала больш за 120 парафій толькі ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перэгрынацыя была арганізавана ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

У 1917 годзе ў Фаціме тром пастушкам некалькі разоў з’яўлялася Маці Божая, якая прасіла аб спыненні вайны і расказала пра рэвалюцыю ў Расеі як катастрофу з наступствамі для ўсяго свету. Яна ўказала на сродкі дасягнення міру і згоды: навяртанне, пакаянне і малітва. Цуд прызнаны Рыма-Каталіцкай царквой.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара