Урад дазволіў падвышаць зарплаты бюджэтнікам за кошт сэканомленых сродкаў



Пастановай Савета міністраў ад 10 красавiка № 232 удасканаленая аплата працы ў 2019 годзе работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, дакументам прадугледжаная магчымасць накіравання сэканомленых сродкаў на павелічэнне заработнай платы за кошт дадзенага кіраўнікам арганізацый права ўсталёўваць павышальныя каэфіцыенты да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў.

Акрамя таго, вызначаны парадак вызначэння названых павышальных каэфіцыентаў, а таксама агульны парадак вызначэння эканоміі бюджэтных асігнаванняў, атрыманай у выніку аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў, іншых расходаў, за выключэннем аплаты камунальных паслуг і капітальных выдаткаў.

Канкрэтныя памеры павышальных каэфіцыентаў устанаўлівае кіраўнік бюджэтнай арганізацыі.

Пастанова прынятая ў адпаведнасці з законам ад 30 снежня 2018 года „Аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год”.

Як паведамлялася, у бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені—лютым 2019 года склала 765,4 рубля. У лютым — 774,4 рубля, што на 19,2 рубля, або на 2,5%, больш, чым у студзені 2019 года, вынікае з афіцыйных звестак статыстыкі.

Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—лютым 2019 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года павялічылася на 7,3%, у лютым у параўнанні са студзенем 2019 года — на 1,2%.

Падвышэнне зарплаты работнікам бюджэтнага сектара эканомікі ў 2019 годзе плануецца правесці двойчы: у маі і верасні, паведаміў міністр фінансаў Максім Ермаловіч 27 лютага ў Савеце Рэспублікі. „Плануецца два этапы падвышэння: май — у межах прадугледжаных у бюджэце сродкаў, і верасень — неабходна адшукаць дадаткова прыблізна 200 млн рублёў”, — сказаў ён.

Міністр падкрэсліў, што задача забяспечыць аплату працы бюджэтнікаў на ўзроўні не ніжэй за 80% сярэдняй зарплаты па краіне не была выкананая ні ў 2018 годзе, ні ў студзені гэтага. „Гэтую задачу мы абавязаныя ў 2019 годзе вырашыць”, — заявіў Ермаловіч, адзначыўшы, што такое развіццё падзей прадугледжанае мэтавым бюджэтным сцэнарам на год.

БелаПАН

[manual_related_posts]