Урад Літвы перадае ЕГУ будынак былога Аўгусцінскага кляштара



Урад Літвы перадае Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту (ЕГУ) будынак былога Аўгусцінскага кляштара, паведаміў БелаПАН кіраўнік ВНУ па камунікацыях і маркетынгу Максімас Мілта.

Паводле яго слоў, афіцыйнае рашэнне прынятае 31 кастрычніка. Будучы корпус універсітэта размешчаны ў старым горадзе Вільнюса, уключаным у спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Першым мерапрыемствам, якое адбудзецца ў новым навучальным корпусе 17 лістапада, стане ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 25-годдзю ЕГУ. Сярод ганаровых гасцей цырымоніі будуць спікер літоўскага сейма Віктарас Пранцкеціс, спікер рыксдага Швецыі Урбан Алін, былы прэзідэнт Еўрапарламента Ханс-Герт Пётэрынг, якому прысвояць ступень ганаровага доктара ЕГУ.

Кляштар Аўгусцінскага ордэна быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя на скрыжаванні сучасных вуліц Савічаус і Бокшта, за 200 метраў ад вільнюскай ратушы. Будынак кляштара мае плошчу больш за 2.700 кв. м. У працэсе рэстаўрацыі былі захаваныя першародныя элементы інтэр’еру, уключаючы фрэскі і брукаваную падлогу.

Новы навучальны корпус дазволіць узмацніць ўнёсак ЕГУ ў мультыкультурнае жыццё Вільнюса, умацуе ўніверсітэцкую супольнасць і падкрэсліць дачыненне ЕГУ да спадчыны еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі, лічаць ва ўрадзе Літвы.

Перанос універсітэта ў новы корпус будзе складацца з трох этапаў. У лістападзе-снежні адміністрацыя ЕГУ, якая займае памяшкання на вуліцы Таўра, пераедзе ў будынак былога кляштара. У гэты ж час пачнуцца работы па пераносе медыяцэнтра ЕГУ, які знаходзіцца ў будынку Літоўскага нацыянальнага тэлебачання і радыё. У сакавіку 2018 года студэнты і выкладчыкі ЕГУ пачнуць вясновы семестр 2017/18 навучальнага года ў новым універсітэцкім корпусе.

„Вельмі сімвалічна, што менавіта ў год 25-годдзя ЕГУ атрымаў новы дом у Вільнюсе. Магчымасць для супольнасці ўніверсітэта разам працаваць у выдатным будынку кляштара дадасць дадатковую каштоўнасць у працэс навучання і ў навуковую дзейнасць ЕГУ. Мы ўдзячныя Літве за давер і стабільную падтрымку на працягу ўсіх гадоў працы ў Вільнюсе”, — заявіў старшыня кіруючай рады ЕГУ Пер Карлсен.

Афіцыйны статус літоўскага ўніверсітэта ЕГУ, закрыты беларускімі ўладамі ў 2004 годзе, атрымаў 10 сакавіка 2006 года. Гэта адзіны беларускі ўніверсітэт, які функцыянуе ў атмасферы акадэмічных свабодаў, ён дае адукацыю прыкладна 900 студэнтам, пераважна з Беларусі. За 12 гадоў працы ў Вільнюсе выпускнікамі ЕГУ сталі 2.124 чалавекі. ВНУ прапануе навучанне па бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграмах, спрыяе прасоўванню навуковай дзейнасці ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.