Урад разгледзіць ход рэалізацыі дэкрэта „Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”



Прэзідыум Савета міністраў не пазней за 29 студзеня 2019 года павінен разгледзець ход рэалізацыі дэкрэта прэзідэнта „Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Пра гэта сказана ў апублікаваным 28 снежня на сайце ўрада плане яго працы на першае паўгоддзе наступнага года.

Мінпрацы і сацабароны, МУС, МНС, Мінжылкамгас, Мінбудархітэктуры, Міністэрства аховы здароўя, Мінінфарм, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам дадуць справаздачу аб „выніках працы па працаўладкаванні грамадзян, выяўленні даходаў фізічных асоб, утоеных ад падаткаабкладання, рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і іншых пытаннях рэалізацыі дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года № 3”.

Таксама Саўмін разгледзіць вынікі працы эканомікі ў 2018 годзе, павышэнне эфектыўнасці ЖКГ, уцягвання маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, у гаспадарчы абарот, аднаўленне аб’ёмаў вытворчасці свініны „не ніжэй за ўзровень 2012 года”, вырошчванне лёну, супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў і рэабілітацыі наркаманаў.

Акрамя таго, на ўзроўні ўрада плануецца абмеркаваць вынікі аказання дзяржпадтрымкі прадпрыемствам у 2018 годзе, пытанні „неабгрунтаванага пасярэдніцтва”, мадэрнізацыю нафтаперапрацоўкі, цэментнай і шкляной галін, планы па развіцці горада Бабруйска, а таксама ход рамонту мясцовых дарог.

Згодна з пастановай канцэптуальныя асновы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2020 год і на перыяд да 2022 года плануецца разгледзець у чэрвені.

Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым—сакавіку 2017 года супраць „дэкрэта аб дармаедах”, дакумент быў скарэктаваны, але не адменены. 25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб змяненні дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. На змену „дэкрэту аб дармаедах” прыйшоў дэкрэт „Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.

На яго падставе ўлады распрацавалі базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якая запрацавала 1 снежня. Згодна з заканадаўствам, унесеныя ў гэту базу грамадзяне будуць абавязаны плаціць за дзяржпаслугі ў поўным аб’ёме, у прыватнасці з 1 студзеня 2019 года — за гарачую ваду, з 1 кастрычніка — за газ і ацяпленне.

У пачатку снежня міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч паведаміла, што ў базу дадзеных не занятых у эканоміцы грамадзян трапіла каля 500 тыс. чалавек.

belapan.by