Урад зацвердзіў пералік моцнадзейных і атрутных рэчываў
Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 2019 года № 537 устаноўлены пералік моцнадзейных і атрутных рэчываў.
Спіс моцнадзейных рэчываў утрымлівае 47 найменняў, паведамляе прэс-служба ўрада. Да моцнадзейных рэчываў адносяцца стэрэаізамеры, складаныя і простыя эфіры, а таксама солі моцнадзейных рэчываў, усе сумесі, у склад якіх уваходзяць моцнадзейныя рэчывы, пералічаныя ў пастанове, незалежна ад іх колькаснага ўтрымання (канцэнтрацыі).
У пераліку атрутных пазіцый шэсць найменняў, у тым ліку мыш’яковы ангідрыд, сінільная кіслата, талій і яго водарастваральныя солі.
Пералік гэтых рэчываў устаноўлены для мэт прымянення арт. 333 (незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў) і арт. 334 (парушэнне правілаў абыходжання з моцнадзейнымі і атрутнымі рэчывамі) Крымінальнага кодэкса.
Пастанова набудзе моц з дня яе афіцыйнага апублікавання.
