Ушанавалі памяць жыхароў Дражна, забітых партызанамі ў 1943 годзе



Памяць ахвяраў партызанскага тэрору ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна ўшанавалі актывісты Руху салідарнасці “Разам”.

Кажа сябра Сойму арганізацыі Вячаслаў Сіўчык

– Рух салідарнасці “Разам” у 2008-ым годзе ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна паставіў крыж на могілках, дзе пахаваныя ахвяры партызанскага тэрору. Бо 14 красавіка 1943 года імі было здзейснена адно са злачынстваў падчас Другой сусветнай вайны, калі быў спалены канец вёскі і проста выразаныя, нават не расстраляныя, а выразаныя мясцовыя жыхары, якія пахаваныя на мясцовых могілках.

Як высветлілася падчас сёлетняга ўшанавання памяці ахвяраў, памятны асвечаны крыж, які мясцовыя ўлады фактычна скралі з месца падзей і перанеслі да бліжэйшай царквы, больш не існуе. Ён дэмантаваны і ляжыць на голай зямлі за храмам.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Старыя Дарогі

Фота аўтара