Ушанаванне Міхася Жызнеўскага пад Гомелем



Пад Гомелем ушанавалі памяць забітага на барыкадах Еўрамайдана Міхася Жызнеўскага.

У чацвёртую гадавіну смерці беларуса на могілках ля вёскі Сцяг Працы сабралася некалькі дзясяткаў дэмакратычных актывістаў з некалькіх рэгіёнаў Беларусі.

Адзін з прысутных, сябра руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык заўважыў, што для яго асабіста ўдзел у гэтай акцыі памяці з’яўляецца абавязкам:

– 22-га студзеня быць каля магілы Міхася Жызнеўскага, бо пасля яго смерці таксама адбываліся страшныя рэчы. Ведаеце колькі людзей загінула ў лютым 2014 года, а колькі людзей загінула на фронце нават ніхто і не ведае.

Бацька забітага на Майдане беларуса Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі ўдзячны ўкраінцам і неабыякавым беларусам за памяць пра сына:

– Ён змагаўся за свабоду і нават на Майдане стаяў з нашым нацыянальным сцягам. Час не лечыць, мы прыйшлі ў адносную норму толькі нядаўна.

Міхась Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў украінскай рэвалюцыі Годнасці. Гамяльчук загінуў 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ад агнястрэльнага ранення.

Улетку 2017 года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прысвоіў Міхасю Жызнеўскаму званне Героя Украіны. Гамяльчук стаў першым замежным грамадзянінам, які атрымаў такое званне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Мікола Бянько