Усё магчыма, было б жаданне
Расеец Вячаслаў Чэрнеў мае 21 год і свабодна размаўляе на дзесяці мовах свету, у тым ліку – на беларускай. Пры гэтым малады чалавек аддае перавагу менавіта класічнай пісьмовай традыцыі беларускай мовы – “тарашкевіцы”. Усё б нічога, але Вячаслаў невідушчы і авалодваў мовамі, маючы абмежаванні, звязаныя са здароўем.
Вячаслаў Чэрнеў: Я нарадзіўся ў Арэнбургу. Цяпер вучуся ў Варшаве на ўсходазнаўстве, дактарант.
РР: Як вам з абмежаванымі магчымасцямі ўдалося авалодаць такім вялікім шэрагам моў?
Вячаслаў Чэрнеў: Рэч у тым, што гэтае абмежаванне ў мяне ўзнікала паступова. З дзяцінства я быў слаба відушчы, я яшчэ мог штосьці чытаць. Працэс са зрокавым нервам пачаўся толькі некалькі гадоў таму. Паступова абмяжоўвалася поле зроку. Але не лічу сябе позна аслеплым. Бо я ніколі не ведаў, што значыць бачыць добра.
А калі казаць пра авалоданне мовамі, то мне падаецца, што нам, з аднаго боку, прасцей. Мы больш чуем, таму больш нюансаў, тонкасцяў для нас ёсць звычайнымі. З другога боку, авалоданне пісьмовай мовай выглядае складана. Асабліва тады, калі мова мае некалькі правапісных стандартаў. Напрыклад, беларуская.
РР: Якая даступнасць інструментаў вывучэння моў у Еўропе, Беларусі і Расеі?
Вячаслаў Чэрнеў: З беларускай сітуацыяй я не вельмі знаёмы. Ведаю толькі па словах маіх невідушчых сяброў.
Рэч у тым, што мы можам авалодаць пісьмовай мовай двума спосабамі: пры дапамозе шрыфту Брайля і камп’ютарнай тэхналогіі. І калі казаць пра другі спосаб – камп’ютарныя тэхналогіі, то тут, на жаль, Расея ў плане магчымасці чытання голасам з экрана на мовах нацыянальных меншасцяў ніяк не падрыхтавана. Тут нічога не апрацавана.
Па-беларуску з дапамогай аднаго з маіх сяброў я навучыў камп’ютар чытаць. Гэта не было вельмі складана, бо фанетыка падобная. А зусім іншая сітуацыя з цюркскімі мовамі, якія я вывучаю прафесійна. Тут з’явілася наступная праблема: я не магу чытаць тэксты не таму, што не разумею мову, а з прычыны адсутнасці адпаведнага сінтэзатару, адпаведнага голасу для чытання з экрана.
РР: Якія б вы далі парады?
Вячаслаў Чэрнеў: Няма людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ёсць толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ці з асаблівымі патрэбамі. І вы на гэтыя патрэбы маеце права. Карыстайцеся гэтым! Больш вучыцеся!
Я вельмі рады, што сёння патрапіў у беларускамоўнае асяроддзе. Я шчаслівы.
І ніколі не забывайцеся: вы не адныя. Заўсёды ёсць з кім пагаварыць. Калі будзеце трымацца гэтых парадаў, то будзе значна менш бар’ераў для вашай дзейнасці ў гэтым свеце.
Вячаслаў зараз навучаецца ў дактарантуры аднаго з варшаўскіх універсітэтаў. Раней яго залічылі адразу на чацвёрты курс аднаго з ВНУ Башкірыі. „Калі ёсць жаданне дасягнуць поспеху ў нейкай сферы – то ўсё магчыма, інструментаў хапае,” – лічыць хлопец.
Гутарыў Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота mgazeta.com
