Шкодныя рэчывы ў паветры Менска ўдвая вышэй нормы



Утрыманне шкодных рэчываў у атмасферным паветры Менска ў цяперашні час перавышае межава дапушчальныя канцэнтрацыі ў 2-2,5 разы. Гэтым і абумоўлены ўстойлівы пах гару, на які скардзяцца многія мінчане, паведаміла начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Гідрамета Багдана Казярук:

«У нас склаліся вельмі неспрыяльныя метэаўмовы: пасля моцнага паўночнага ветру, які забяспечыў добрую якасць паветра на святы, у мінулыя суткі ўсталяваўся штыль і назіраюцца прыземныя інверсіі. Гэта прыводзіць да таго, што з ускраін сталіцы паступае забруджанае паветра», — сказала Казярук.

Паводле яе слоў, жыхары Менскага раёна ў сувязі з халодным надвор`ем інтэнсіўна ацяпляюць свае дамы. Пячны дым у сувязі з тым, што за горадам больш нізкія тэмпературы, „уцягваецца ў Менск”. „І першым гэта адчуў мікрараён Уручча”, — дадала спецыяліст.

Сваю лепту ў забруджванне ўносяць і прамысловыя прадпрыемствы Менска. Для выключэння яшчэ большага забруджвання Гідрамет разаслаў буйным прамысловым і транспартным прадпрыемствам сталіцы папярэджанні. Доля забруджвання ад прадпрыемстваў горада дасягае 80%, адзначыла Казярук.

Спецыялісты разлічваюць, што смог у Менску знікне блізу чацвярга, 12 студзеня. «Чакаецца змена сінаптычнай сітуацыі, узмацненне ветру, і гэтая з`ява знікне, паветра ачысціцца», — прагназуе начальнік аддзела.

БелаПАН