УУС Гомельскага аблвыканкама пацвердзіла гібель інспектара ДПС



Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка УУС Віталя Прыстромава, 30 красавіка ў 18.30 у Гомелі нарад ДПС у складзе двух інспектараў дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама на службовых матацыклах нёс службу па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі дарожнага руху.

Уключыўшы пробліскавыя маячкі і сірэну, яны пачалі пераследваць матацыкл „Хонда CBR” без рэгістрацыйных знакаў. Кіроўца транспартнага сродку не выканаў патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніцца і паскорыў рух. Рухаючыся па вул. Фядзюнінскага па крайняй левай паласе, адзін з супрацоўнікаў сутыкнуўся з аўтамашынай „Нісан-Кашкай”, якая рухалася ў спадарожным напрамку і разварочвалася з крайняй левай паласы. У выніку сутыкнення аўтамабіль адкінула на сустрэчную паласу, а матацыкл загарэўся.

Інспектар ДПС 1988 года нараджэння з цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, дзе памёр. Кіроўца і пасажыр „Нісана” не пацярпелі.

Падчас правядзення пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі „пры непасрэднай падтрымцы мотаруху” Гомельскай вобласці ноччу быў усталяваны кіроўца матацыкла: жыхар Рэчыцы 1997 г.н., які не мае вадзіцельскай катэгорыі, каб кіраваць матацыклам. Ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу па частцы 2 артыкула 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання).

belapan.by