Увесь грамадскі транспарт у Люксембургу стане бясплатным



Урад Люксембурга летам 2019 года адменіць плату за праезд у цягніках, трамваях і аўтобусах.

Аб планах зрабіць грамадскі транспарт бясплатным абвясцілі пасля таго, як прэм’ер-міністр пераабранага ўрада Люксембурга Ксаўе Бетэль быў прыведзены да прысягі 5 снежня. Сярод іншых планаў урада – легалізацыя рэкрэацыйнага ўжывання марыхуаны і ўвядзенне двух новых дзяржаўных святаў.

Пытанне аб тым, ці стане бясплатным праезд у вагонах цягнікоў першага і другога класа, пакуль не вырашана.

Зараз праезд у Люксембургу каштуе два еўра за паездку да двух гадзін – за гэты час можна праехаць большую частку краіны. Дзеці і падлеткі ва ўзросце да 20 гадоў могуць ездзіць бясплатна.

У Вялікім Герцагстве Люксембургу жывуць 600 тысяч чалавек, яшчэ 200 тысяч прыязджаюць у краіну з Францыі, Бельгіі і Германіі на працу. У горадзе Люксембург, сталіцы краіны, на 110 тысяч жыхароў прыпадае яшчэ 400 тысяч прыезджых. У 2016 годзе мясцовыя жыхары правялі ў корках 33 гадзіны.

meduza.io