Узята пад варту махлярка з РФ, якая вымантачыла каля 50 тысяч даляраў



44-гадовая грамадзянка Расеі Алена Модзіна абвінавачваецца ў Беларусі ў здзяйсненні махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК), паведамляе прэс-служба СК.

Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя 10 грамадзян.

Згодна са звесткамі следства, Модзіна „з 2017-га па 2019 год, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, шляхам падману грамадзян пад рознымі падставамі ў некалькі этапаў завалодала іх грашовымі сродкамі на суму больш за дзве тысячы долараў ЗША, 18 тысяч беларускіх рублёў, 38 тысяч еўра”.

У розных выпадках яна называла сябе: асобай, якая займаецца камерцыйнай дзейнасцю, звязанай з расплоджваннем і продажам дарагіх парод сабак; асобай нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі па імені Denis Paten з анкалагічнымі захворваннямі; супрацоўнікам пасольства Беларусі ў Латвіі.

Для пацвярджэння створанай ёю легенды жанчына змяняла сваю знешнасць на фотаздымках пры дапамозе праграмы. Для зносін з пацярпелымі яна выкарыстоўвала розныя сацсеткі і месенджары, часам сустракалася з пацярпелымі асабіста.

Да абвінавачанай прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Расследаванне працягваецца.

belapan.by