Узяты пад варту жыхар Браслаўскага раёна, які пагражаў нажом дзіцяці



Следчы камітэт устанаўлівае акалічнасці разбою, учыненага ў Браслаўскім раёне групай асоб.

Паводле звестак следства, вечарам 21 лістапада 2018 года 37-гадовы бацька прыйшоў у госці з двума дзецьмі да 33-гадовагаму знаёмага. У доме таксама знаходзіліся 42-гадовы аднавясковец і маці гаспадара дома. Пакуль жанчына была з дзецьмі, трое мужчын выйшлі ў калідор пакурыць, дзе паміж імі ўзнік канфлікт.

Пасля сваркі бацька сказаў дзецям, каб яны збіраліся дадому. Праз некаторы час мужчына ўбачыў, што госць у гаспадара дома ўзяў на рукі яго пяцігадовага сына, прыставіў да грудзей дзіцяці нож і запатрабаваў грошы. Пасля таго як мужчына перадаў грошы, хлопчыка адпусцілі.

Раней сайт УУС Віцебскага аблвыканкама паведамляў, што канфлікт у мужчын, якія разам распівалі спіртныя напоі, узнік з-за спрэчкі аб тым, хто пойдзе за гарэлкай. Бацьку дзіцяці было прапанавана схадзіць за спіртным і ўзяць усе выдаткі на сябе. „Мужчына вырашыў пайсці дадому і пачаў апранаць дзяцей. У гэты момант адзін з мужчын прыставіў да горла хлопчыка нож, патрабуючы грошы. Яго бацька аддаў 50 рублёў, якія ў яго былі пры сабе, а прыйшоўшы дадому, патэлефанаваў у міліцыю”, — адзначалася ў паведамленні УУС.

Паводле інфармацыі прэс-службы СК, па падазрэнні ва ўчыненні злачынства былі затрыманыя два чалавекі. Аднаму з іх прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса (разбой, учынены групай асоб). Ён заключаны пад варту. Да другога падазраванага прыменена мера працэсуальнага прымусу — абавязацельства аб яўцы.

У дачыненні да абодвух мужчын следчымі прызначана судова-псіхіятрычная экспертыза.

belapan.by