Ва ўкраінскай сталіцы можа з’явіцца яшчэ адзін беларускі тапонім



Камісія кіеўскага савета па пытаннях самакіравання, рэгіянальных і міжнародных сувязей зацвердзіла праект пераназову праспекта Перамогі ў Брэст-Літоўскі праспект. Пра гэта паведамляе інтрэнтэт-партал кіеўскага гарсавета.

Праспект Перамогі — адна з найбольш працяглых вуліц Кіева. Ягоная даўжыня складае амаль 11,5 кіламетраў. Праспект ідзе ад цэнтра горада ў заходнім накірунку і праходзіць ён адразу праз 3 сталічныя раёны: Святошынскі, Саломенскі і Шаўчэнкаўскі.

 Мяркуемы пераназоў праспекта Перамогі ніяк не звязаны з кампаніяй па дэкамунізацыі. На кіеўскіх мапах гэтая магістраль з’явілася ў пачатку ХІХ стагоддзя як Брэст-Літоўская шаша, а потым атрымала назву Брэст-Літоўскі праспект, і толькі ў 1985 годзе гэтую вуліцу пераназвалі ў праспект Перамогі. Дэпутаты Кіеўскага гарсавета мяркуюць, што праспекту трэба вярнуць гістарычную назву.

Нагадаем, што ва ўкраінскай сталіцы ўжо ёсць і вуліца Берасцейская, і станцыя метро з такой жа назвай.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя