Вадохрышча ў Гомелі



Гомельцы святкуюць Вадохрышча. Каля храмаў выстраіліся чэргі да вады. А натоўпы людзей пайшлі акунацца ў ярдані. Лічыцца, што купанне на Вадохрышча ачышчае ад грахоў. Некаторым акунуцца ў палонцы не перашкодзіў нават узрост.

Жанчына:

– Мужу амаль 80 год і ён акунуўся. Мы яго ўсёй сям’ёй віншуем. Я ўжо дзецям паведаміла. І яны кажуць, які наш тата малайчына і што з яго трэба браць прыклад.

wp_20170119_046

Маладзён:

– Адчуванні – не перадаць словамі. Гэта трэба практыкаваць і паспрабаваць. Цэлы дзень потым у гэтай эйфарыі знаходзішся. Гэта ўздзейнічае не як алкаголь, гэта нешта зусім іншае. Напэўна, святое.

Мужчына каля чаргі па святую ваду:

– Мы набіраем ваду, як звычайна, паводле традыцыі.

Жанчына з бутэлькай вады:

– Як усе праваслаўныя людзі, ваду потым выкарыстоўваем для асвячэння дома, каб грахі зняць свае, якія назапасіліся за год.

Загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка гаворыць, што Вадохрышча – апошняе свята каляднага цыклю.

– Каляды – гэта незвычайны час. На Каляды было тры куцці, а таму можна вызначыць тры асноўныя кропкі, звязаныя з іх святкаваннем. Гэта Раство, Стары Новы год, ці, як яшчэ называюць, Васілле. І трэцяя кропка – гэта Вадохрышча – помесь хрысціянскага і язычніцкага: купанне – як ачышчэнне ад грахоў і амыванне – як ачышчэнне ад нечага старога і пераход у новае.

Паводле хрысціянскай рэлігіі, Dадохрышча звязанае з момантам, калі Іаан Хрысціцель пахрысціў у рацэ Ярдані Ісуса Хрыста.

А некаторыя гомельцы скардзяцца на кепскую арганізацыю месцаў для купання на Вадохрышча. Каля палонак дзяжураць медыкі і вадалазы. Аднак, жыхары абласнога цэнтру звяртаюць увагу на адсутнасць месцаў для пераапранання.

Мужчына каля палонкі-ярдані:

– Арганізацыі няма. Маглі б нейкі намёт паставіць, каб людзі пераапраналіся. А так людзі з голай дупай выходзяць, паглядзеў па баках, ніхто не глядзіць – тады здымае майткі. Гэта не прыгожа: столькі людзей, а ва ўладаў няма сродкаў паставіць намёты для перапранання. І гэта ж ужо не першы год.

У Гомелі палонкі для купання былі арганізаваныя ў чатырох месцах: з двух бакоў Сажа каля Петра-Паўлаўскага храма, на возеры каля храма святога Георгія Пераможца. А таксама каля храма Святога Архангела Міхаіла і храма Ператварэння Гасподня.

Тэмпература вады ў Сажы 19 студзеня – плюс тры градусы. Медыкі не рэкамендуюць купацца ў палонках людзям з паслабленым здароўем. Таксама да і пасля купання трэба адмовіцца ад ужывання алкаголю.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Мікола Бянько