Вадзім Саранчукоў абараняе свой гонар і годнасць праз суд



Апытанне па грамадзянскай справе Вадзіма Саранчукова, старшыні гарадзенскай рады партыі БНФ, супраць тэлерадыёкампаніі „Гродна” пачалося ў Ленінскім раённым судзе Гародні.

Суддзя Ксенія Стасюкевіч пачала гэтую падрыхтоўчую частку перад судом па-беларуску, хоць прадстаўнік тэлерадыёкампаніі падаў пісьмовае хадайніцтва пра вядзенне суда па-расейску, бо, маўляў, пераклад фільма можа змяніць сэнс сказанага. Вадзім Саранчукоў выступіў за вядзенне працэсу на адной з дзвюх дзяржаўных моваў, а менавіта – па-беларуску.

Падставай звароту ў суд стаў ананімны фільм, які быў паказаны па тэлеканале „Беларусь 4” у красавіку гэтага года, пад назвай „Марш у нікуды”. Скарга Вадзіма Саранчукова тычылася дзелавой рэпутацыі, якая, на думку істца, можа пагоршыць яго фінансавую бяспеку. У фільме, які агучвала невядомая асоба, Вадзім Саранчукоў быў прадстаўлены як рамеснік, які зарэгістраваны, але вынікаў яго працы нібы ніхто не бачыў. Вадзім Саранчукоў прапанаваў для азнаямлення суда дакуманты, якія пацвярджаюць яго дзейнасць як рамесніка.

Аўтарства паклёпніцкіх звестак у фільме суддзя Стасюкевіч, праўдападобна, даведвацца і не збіраецца. Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі „Гродна” сказаў, што ў фільма калектыўны аўтар, і таму, на падставе закону аб аўтарскім праве, фільм з’яўляецца калектыўнай працай, і з гэтай прычыны адказваць будзе цалкам рэдакцыя, без прадстаўлення імёнаў.

Вадзім Саранчукоў працягвае настойваць, каб урэшце быў выяўлены аўтар фільма, а таксама канкрэтныя асобы, якія рабілі гэты фільм і выпусцілі яго ў этэр. А таксама патрабуе афіцыйнага абвяржэння непраўдзівай інфармацыі.

Дарэчы, гэтая ўступная частка – апытанне па справе – суддзёй Ксеніяй Стасюкевіч вялася па-беларуску.

Наступнае судовае паседжанне ў Ленінскім раённым судзе пройдзе 6-га ліпеня, пачатак у 11-00.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара