Вадзім Саранчукоў: Больш за сто скаргаў па адной акрузе



Выніковыя скаргі накіравалі ў абласную выбарчую камісію кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вадзім Саранчукоў і Мікола Баўсюк. Кандыдаты не прызнаюць выбараў празрыстымі і дэмакратычнымі і гатовыя адстойваць права на справядлівыя выбары сваіх выбарцаў.

Гаворыць Вадзім Саранчукоў:

– Гэтыя парушэнні, пачынаючы ад неўключэння нашых людзей у камісіі, ад неналежнага захавання скрыняў для тэрміновага галасавання, такое парушэнне было практычна на ўсіх участках. А таксама парушэнні ў асноўны дзень галасавання, парушэнні пры выязным галасаванні, калі людзей проста дадавалі ў спіс без іх ведама, бывалі выпадкі, калі прыязджалі разам з назіральнікамі на галасаванне да хаты, а сябрам камісіі казалі, што гэты чалавек некалькі месяцаў як памёр. Усе факты былі пакладзены ў выніковую скаргу. Я лічу, што гэтага дастаткова, каб прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў па 51-й акрузе.

Як паведаміў Вадзім Саранчукоў, толькі па акрузе, дзе ён балатаваўся, напісалі больш як за сотню скаргаў ад назіральнікаў. Цяпер – згодна з выбарчым заканадаўствам – кандыдаты чакаюць разгляду іх скаргаў абласной камісіяй.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]